"Дзяцінства – мой страчаны рай"

Галіна Сініца, студэнтка 1 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлфлогiя"


Я, Сініца Галіна Сяргееўна, нарадзілася ў горадзе Барысаве Мінскай вобласці 16 лютага 1992 года. Імя мне дала мая бабуля, Галіна Рыгораўна, назвала ў свой гонар. Існуе павер’е, калі кагосьці з сям’і назваць імем блізкага чалавека, то паміж імі будзе ісці энергетычная бойка, адзін будзе выцясняць другога, хтосьці будзе вельмі хварэць. Не ведаю, ці народнае павер’е здзейсніла сваю сілу, ці проста воля лёсу, але ў дзяцінстве я шмат хварэла, дактары разводзілі рукамі, а мама заўсёды ляжала са мной у бальніцы. Але жыццё ва мне перамагло хваробы, да пяці год усё прайшло.

Праз год, 22 жніўня 1993 года, нашу сям’ю ашчаслівіла з’яўленне на свет маёй сястрычкі, якую назвалі Кацярына. Тата вельмі хацеў, каб нарадзіўся хлопчык, будучы памочнік, аднадумца, нават імя прыдумаў, Максімка. Але жыццё распарадзілася інакш: у яго дзве дачкі. Ён шчаслівы ад таго, што мае добрую сям’ю, ганарыцца мной і маёй сястрой.

Вельмі любілі з сястрой знаходзіцца ў сваёй бабулі ў вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна, там заўсёды адчувалі сябе вольна.

У 1998 годзе пайшла ў першы клас, вучылася пасцігаць азы нялёгкай, але цікавай вучобы.

У 2009 годзе скончыла адзінаццаты клас Дзяржаўнай установы адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - школа №24 з эстэтычным кірункам”, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У дзяцінстве мяне не замаўлялі, абапіраліся на волю Бога, бо гэта ён даў мне жыццё, а значыць усё ў яго волі.

Вырасла на калыханках, народных казках і легендах. А каму з нас у дзяцінстве не спявалі калыханкі нашы матулі? Адказ адназначны: усе дзеці раслі на калыханках, нельга нашаму народу без песень, якія складваліся вякамі, якія назапашваліся дзеля будучых пакаленняў. Мая маці кажа, што без калыханак ці без расповеду казак я ніколі не засынала, заўсёды плакала, толькі, калі пачыналі спяваць я супакойвалася. Нават зараз, калі я ці мая сястрычка хварэе, матуля садзіцца на ложак, гладзіць нас па валасах і пачынае пець маю любімую калыханку:

Люлі, люлі, люлі.
Прыляцелі гулі, селі на варотах,
У чырвоных ботах.
Сталі сакатаці, а што мне ім даці.

Для сваіх матуль, бабуль мы заўсёды застаёмся дзецьмі, якіх хочыцца пашкадаваць, палілеяць. Нават мой тата ў дні майго нараджэння ці маёй сястры заўсёды кажа: “Вы ж у мяне яшчэ такія маленькія, не магу паверыць у тое, што не чую, як ваша маці пяе:

Баю, баюшкі, баю.
Не лажыся на краю,
Прыдзе шэрынькі ваўчок
І ўкуся за бачок.
Ааааааааааааа!

Казкі ў мяне асацыіруюцца з маімі бабулямі. Асаблівы ўплыў аказала мая прабабуля Дашкевіч Надзея Рыгораўна. Цмяна памятаю, аб чым яна мне расказвала, бо мне было ўсяго чатыры гады, але надоўга застаўся адбітак аб тым, што яна, старэнькая, нямоглая, прыходзіла да нас у госці, прыносіла пранікі, якія былі смачнейшыя за ўсё на свеце, садзілася на лавачку і пачынала размаўляць з маімі бабуляй, дзядулем, а потым расказвала мне штосьці. Памятаю, што доўга сядзелі з ёй на лаўцы, я ела пранікі, а яна пляла мне косы і штосьці расказвала. Мама часта кажа: “Ты, як старушка, сядзела на лавачцы, слухала казкі, выдуманыя гісторыі, жыццёвыя з’вы”! Але потым бабулі не стала, засталіся толькі ўспаміны аб тым, што была ў мяне такая прабабуля.

Пасля гэтую традыцыю захавала і мая бабуля. Разам з маімі сёстрамі, роднай Кацярынай і стрыечнай Тацянай, мы чакалі, калі бабуля прыйдзе ў хату пасля таго, як выканае ўсю работу, раскажа нам розныя цікавыя здарэнні, казкі, гісторыі пра цудоўных волатаў і прыгажунь. Асабліва цікава было іх слухаць у зімовы час, калі прырода была зачараваная, на шыбах мароз маляваў узоры, часам на іх шукалі выявы казачных герояў. Садзіліся на печцы і чакалі пакуль бабуля прыйдзе і пачне іх, а калі чулі, што дзверы расчыняліся і нехта распранаецца, пачыналі візжаць: “Бабулечка, хадзі сюды хуценька, раскажы нам што-небудзь”! Бабуля, як заўсёды накідвала на плечы хустку, садзілася на стул і пачынала. У гэты час мы былі самымі паслухмянымі дзецьмі, улоўлівалі кожнае слова, траплялі ў даўнія часы волатаў, дзяўчат незвычайнай прыгажосці, свет чароўнай прыроды. А пасля, зачараваныя казкамі, мы клаліся на адзін ложак з маімі сястрычкамі і пачыналі фантазіраваць: а што б было, калі б царэвіч не закахаўся ў сялянку, што б адбывалася з нам, калі б мы жылі ў тыя часы.

Калі падрасла сама пачала выдумляць казкі, маленечкія апавяданні. Асабліва цікава было іх расказваць маім малодшым сёстрам, якія таксама знаходзіліся ў бабулі ў вёсцы. Позна вечарам, як і ў дзяцінстве, клаліся на адзін ложак, і тады я пачынала гісторыі пра цудоўных прынцэс, казачных прынцаў, незвычайныя здарэнні. Што самае для мяне цікавае на той час было: як у мяне атрымлівалася на хаду прыдумляць нейкую гісторыю, я пачынала, а язык далей сам усё прыдумляў. З дзяцінства захапілася гэтым заняткам, бо мае бабулі шмат ведалі казак, легенд, нават марыла аб тым, каб напісаць кнігу для маленькіх дзяцей.

Гляджу на сучасных дзяцей, якія бесклапотна сядзяць у пясочніцы, лепяць кулічы, зімой катаюцца на санках, гуляюць у снежкі і душа напаўняецца шчасцем, бо маё пакаленне, сучасныя Аленкі, Паўлікі, Дзімачкі, Марыначкі не бачылі голаду, не чулі выбухаў бомб. А як успомню расказы людзей, якія прайшлі вайну, аб іх дзяцінстве, душа разрываецца на часткі. Гэта шчасце, што мы жывём у мірны час, гуляем з лялькамі, машынкамі.

Я любіла гуляць з маімі сястрычкамі, разам нам заўсёды было весела, кожны прыдумляў нешта сваё. Асабліва цікавай для нас з’яўлялася гульня ў папяровыя куклы. З паперы мы заўсёды выраблялі ім адзенне, калі бачылі, што на прадуктах харчавання ёсць цікавыя малюнкі мы заўсёды выразалі іх для сваіх дзіцячых гульняў. Увесь пакой, дзе мы гулялі, быў усланы паперамі, так было на працягу тыдня, але, калі надыходзіла пятніца, пачыналася генеральная ўборка, пасля яе печка звычайна трашчала ад паперы, а дзядуля, калі гэта бачыў, заўсёды смяяўся: “Вось і дровы не прыйдзецца запасаць на зіму, будзім вашымі паперамі тапіцца”!
Такая чысціня трымалася на працягу выхадных, пакуль бацькі былі дома, а ў нядзелю вечарам усё пачыналася зноў.

Але лялькі надакучвалі, прыходзілася шукаць новых заняткаў. І мы пад уплывам бабуліных расповедаў пра клады, каштоўнасці, згубленыя ў часы вайны, пачыналі раскопкі ў двары, станавіліся археолагамі. Мы лічылі, што вось яшчэ крышку, і мы знойдзем клад, дойдзем да золата, каштоўнасцей. Але колькі мы ні капалі, клада не знаходзілі, яма расла ў шырыню, а не ў глыбіню.

Гулялі ў дочак і мам. Я на правах старэйшай сястры была маці, а Кацюша і Танюшка мае дзеці. У розных формачках з пяска пяклі булкі, пірагі. Марылі аб тым, што, калі вырасцем, будзем вельмі добрамі гаспадынямі.
Вельмі падабалася гуляць у школу, бальнічку. Зараз з усмешкай успамінаю гэты час. Смешна становіца ад таго, што мы, неразумныя дзеці, спрабавалі раз’ясніць штосьці адно аднаму, імкнуліся аперыраваць медыцынскімі тэрмінамі, пісалі медыцынскія картачкі, ставілі сваім пацыентам дыягназы (пацыентамі былі лялькі), давалі ўколы хворым.

Не абыйшлося ў маім дзяцінстве без даганялак, скакалачкі. Гульні ў улітку. Яна заключаецца ў тым, што на дарозе мелам ці палачкай маляваўся закруглены лабірынтык, кожны ўдзельнік гульні патрэбен быў праскакаць па гэтай улітцы і не дакрануцца да рысачак. Калі ўсё было зроблена па правілах, удзельнік мог ставіць домік, які астатнія ўдзельнікі павінны былі перапрыгваць.

У зімовы час каталіся на санках, лыжах, гулялі ў снежкі, ляпілі снежную бабу.

Паколькі шмат часу праводзіла ў бабулі, разам з вясковымі дзецьмі далучаліся да святочных звычаяў, абрадаў. На Пасху заўсёды валачобнічалі: збіраліся гурбой, бралі невялічкі тканяны мяшэчак, хадзілі па вёсцы, заходзілі ў кожную хату, казалі простыя, добразнаёмыя ўсім словы:

--Хрыстос уваскрэсе!
--Сапраўды ўваскрэсе! – адказвалі нам.

Кожны жыхар вёскі, да якога прыходзілі такія валачобнікі павінен быў даць кавалак пасхальнага пірага, яечка, тады дом і яго жыхары бласлаўляліся. Лічылі, што сам Ісус Хрыстос заходзіць у хату. Сорамам і ганьбой лічылася, калі валачобнікі не зайшлі ў дом, абмінулі нечую хату, але такое рэдка здаралася.

Удзень, на Пасху, старыя людзі пачыналі хадзіць з двора ў двор, пелі васалы (песні, у якіх людзі выказваюць сваю радасць, з выніку нараджэння Ісуса Хрыста). Мы, дзеці, звычайна хадзілі за імі з двара ў двор, слухалі, як яны пяюць.

Цікава было і ў апошнюю ноч перад Раством. У нашай вёсцы заўсёды збіраліся маладыя людзі (дзяўчат звычайна не бралі, яны ў гэты вечар пачыналі гадаць, але малыя дзеці заўсёды прысутнічалі) і тады адбываліся розныя дзівосы: знімаліся вароты з пяцель і перавешваліся на суседнія, часцей за ўсё мянялі месцамі вароты закаханых, каб раніцай шлях кожнага з іх ляжаў адзін да аднаго, каб навек звязаць два закаханыя сэрцы.

Падпіралі дзверы ахапкай дроў ці калком так, што гаспадары ледзьве вылазілі з хат, нават не абыходзілася без суседскай дапамогі. Часам здаралася так, што гаспадар прачынаўся ад брахання сваёй сабакі, выбягаў на вуліцу і пачынаў крычаць: “Ой, я даведаюся, хто гэта шкоднічае, усе вушы паабдзіраю, не будзеце больш такога рабіць”! Аднак гэта рабілася незлосна, дзеля ўліку, бо потым сам са смехам успамінаў сваю маладосць, свае жарты.

Усё рабілася не на зло, а каб павесяліцца, хоць на некаторы час адзяліцца ад хатніх спраў, успомніць маладосць, такія звычаі ядналі людзей.
У маёй бабулі вельмі добры голас, кожны хто яго чуў , хваліў і прасіў яшчэ раз спець. Мне пашчасціла чуць яе голас на працягу ўсяго свайго маленства. Песні пра гаротную долю дзяўчат, якія не могуць выйсці замуж за каханага, бо бацькі не дазваляюць, песні, у якіх васпявалася прыгажосць роднага краю.

Спявала бабуля не толькі на беларускай мове, аднак і на рускай, асабліва мне падабаецца ў бабуліным выкананні руская народная песня :

-- Что стоишь, качаясь, тонкая рябина,
Низко наклоняясь головою к тыну.
-- С ветром речь веду я о своей невзгоде,
Что одна расту я в этом огороде.

Мне падабаюцца лірычныя народныя песні, у іх закладзены сэнс, светаўспрыманне пэўнага народа, пачуцці, выкліканыя пэўнымі з’явамі жыцця. На жаль, сучасныя песні згубілі гэты сэнс, пачуцці не выяўляюцца ў такой прыгожай форме, як у нашых продкаў, выконваюцца для весялосці, падняцця настрою.

Як і кожнае дзіця многім захаплялася, хацела паспець усё на свеце. Мне вельмі падабаліся карціны таленавітых мастакоў, на іх прырода, людзі былі, як на фотаздымках, натуральныя. І я захапілася гэтай думкай самой маляваць:спачатку малявала сваім родным каляровыя карткі на розныя святы, потым пачала маляваць людзей, але яны не былі падобнымі да тых, што былі на палотнах мастакоў. Мамуля прапанавала мне пахадзіць ў гурток маладых мастакоў. Настаўніца, якая вучыла мяне валодаць кістачкай, паказвала, як адным рухам рукі можна змяніць на палатне выраз твару чалавека, як зрабіць карціну больш прывабнай. З цягам часу ў мяне атрымлівалася ўсё лепш і лепш, мне вельм падабалася гуляць з колерамі, прыдумваць нешта сваё, вывучаць спадчыну мастакоў. У гуртку я правучылася пяць гадоў, заставалася правучыцца яшчэ год – і дыплом у мяне ў кармане.

Але я захапілася беларускай мовай і літаратурай, вывучэннем творчасці розных пісьменнікаў, хацелася проста працаваць са словамі, вывучаць іх структуру. Гэты занятак захапіў, тым больш настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лапенок Людміла Мікалаеўна прывівала ў кожнага вучня любоў да беларускай мовы, да культуры. З’явілася мара аб тым, каб сваё жыццё прысвяціць роднай мове, культуры, таму ў дзесятым класе з’явілася жаданне паступаць на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. І вось збылася мая мара, я студэнтка самага прыстыжнага універсітэта. Таксама спрабавала сябе ў якасці паэта, некаторыя з маіх твораў друкаваліся ў школьным часопісе “Папараць-кветка” і ў газеце “Гоман Барысаўшчыны”. Пішу на рускай і беларускай мовах, але больш на рускай, бо лічу, што на беларускай мове можна будзе пісаць толькі тады, калі я дасканала буду яе ведаць:

Я не поэт, но говорю стихами,
Когда на сердце тяжело,
Когда я плачу горькими слезами,
Когда я вижу, что людям нелегко.
Я не поэт, но говорю стихами,
Когда я в комнате одна,
Когда живу одними лишь мечтами,
Когда я вижу, что в жизни не только темнота.
Я не поэт, но говорю стихами,
Когда в печи горит огонь,
Когда о чувствах не сказать словами,
Когда за жизнями не вижу я погонь.



Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz