"Калi Яна была маленькай..."

Рымма Мадэстаўна Кавалёва


Слова пра Вольгу Данiлаўну Чарнякевiч

Вольга Данілаўна Чарнякевіч (1908) – жыхарка в. Вялікае Сяло Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ў 1968 г. праходзіла фальклорная практыка студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ. Паехаць у гэтую вёску нам параіў Рыгор Раманавіч Шырма, ураджэнец в. Шакуны Пружанскага раёна. Вядома, мы хацелі пабываць на радзіме славутага фалькларыста, складальніка чатырохтомніка «Беларускія народныя песні», але ён адгаварыў нас, прапанаваўшы Вялікае Сяло і Бакуны як цікавыя, але маладаследаваныя вёскі.

І вось мы ў Вялікім Сяле. Усе дружна рэкамендуюць пайсці да Вольгі Данілаўны. Яна стала першай, да каго мы завіталі, папярэдне папрасіўшы дазволу. Жанчына чакала студэнтаў. Яна спакойна сядзела ў пакоі, які беларусы называюць залай, і трымала ў руках сшытак. Нетаропкая, негаваркая, зусім не выключная спявачка, Вольга Данілаўна чамусьці выклікала ў маёй памяці постаці каралёў, імператрыц, настолькі кідалася ў вочы ўнутрана ўласцівае её пачуццё ўласнай годнасці, хоць знешне, па сваіх паводзтнах, яна была вельмі добразычлівай і сціплай. Вольга Данілаўна ўяўляла сабой вельмі рэдкі сярод выканаўцаў тып фалькларыста-аматара. Яна добра разумела каштоўнасць і прыгажосць беларускага фальклору, усведамляла важнасць своечасовага запісу яго твораў, бо на яе вачах штосьці ўжо знікала, забывалася, а то і вынішчалася. У сшытку былі запісы, зробленыя рукой Вольгі Данілаўны, пералік, песень, якія яна памятала, – гэта дапамагала ёй узнаўляць перад намі свае багацейшыя веды.

У планах фалькларыстаў філфака на чале з кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Верай Анісімаўнай Захаравай, выдатным арганізатарам і вельмі прытойным чалавекам, было выданне зборніка фальклору Брэстчыны. Забягаючы наперад, скажу, што кніга «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Брэсцкая вобласць. Традыцыйныя жанры», складзеная на аснове матэрыялаў фальклорнай практыкі студэнтаў, сабраных у Заходнім Палессі, выйшла з друку ў 1973 г. на жаль, у ёй не змяшчаліся ўспаміны Вольгі Данілаўны пра сваё дзяцінства, якія на той час былі ў мяне на руках.

Постаць Вольгі Данілаўны настолькі ўразіла мяне, што я папрасіла яе запісаць дзіцячыя ўспаміны аб каляндарных святах і абрадах. Жанчына згадзілася. І даволі хутка я атрымала бандэроль з Вялікага Сяла, дзе былі чатыры школьныя сшыткі, напісаныя рукой Вольгі Данілаўны. Гэта незвычайны матэрыял. Шасцідзесяцігадовая жанчына, застаючыся сабой, нібыта зноў апынулася ў дзяцінстве, зноў глядзела на святы вачыма дзіцяці, але каментарыі даваў ужо сталы, умудроны вопытам таленавіты ў гісторыі фалькларыстыкі чалавек.

Знойдзецца няшмат самазапісаў інфармантаў. Яны былі або зусім непісьменныя, або, як Вольга Данілаўна, малапісьменныя. Вольга Данілаўна не толькі тонка ўспрымала бытавыя з’явы, вясковую культуру, яна валодала мысленнем, якое можна назваць дзяржаўным. Запісаць мясцовы фальклор, каб захаваць яго, – вось што рухала Вольгай Данілаўнай.

Жыццё падаравала мне шчасце займацца фальклорам. Я сустракалася з цудоўнымі выканаўцамі народных песень, носьбітамі народнай мудрасці, але галаву схіляю перад ёю – Вольгай Данілаўнай Чарнякевіч, якая дала нам прыклад свядомаберажлівага станаўлення да культурнай спадчыны беларускага народа.

Гэтыя сшыткі захоўваюцца ў маім асабістым архіве. Увесь час мяне праследавала пачуццё нявыкананага абавязку перад Вольгай Данілаўнай. Я ўдзячна лёсу, якія даў магчымасць выканаць яго перад светлай памяццю гэтай незвычайнай жанчыны. Спадзяюся, што яе род не перарваўся і нашчадкам Вольгі Данілаўны будзе прыемна пазнаёміцца з такой Вольгай Данілаўнай, якой яны, можа, і не ведалі, ганарыцца ёю.

Мы падаем запісы ў беражліва апрацаваным выглядзе, але хутка я мяркую перадаць матэрыялы ў архіў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта, каб спецыялісты маглі пазнаёміцца з імі ў арыгінале.


Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz